БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
т. 3, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)